Время работы:
с 7:30 до 18:00
Телефон:
35-93-41
Адрес:
246028
г.Гомель ул. Телегина
д. 13
e-mail: detsad4@jdroo.by

 

 

 

Беларускія народныя казкі

Курачка-рабка

 

Жыў дзед, жыла бабка. Была ў іх курачка-рабка. Нанесла курачка яечак поўны падпечак. Сабрала бабка яечкі ў чарапіцу ды паставіла на паліцу. Мышка бегла, хвосьцікам махнула, чарапіца ўпала, яечкі пабіліся.

Плача дзед, плача бабка, курачка кудахча, вароты скрыпяць, трэскі ляцяць, сарокі трашчаць, гусі крычаць, сабакі брэшуць.

Ідзе воўк:

- Дзедка, бабка, чаго вы плачаце?

- Як-жа нам ня плакаць? Была ў нас курачка-рабка. Нанесла курачка яечак поўны падпечак. Сабрала бабка яечкі ў чарапіцу ды паставіла на паліцу. Мышка бегла, хвосьцікам махнула, чарапіца ўпала, яечкі пабіліся.

І воўк завыў.

Ідзе мядзьведзь:

- Воўк, чаго выеш?

- Як-жа мне ня выць? Жыў дзед, жыла бабка. Была ў іх курачка-рабка. Нанесла курачка яечак поўны падпечак. Сабрала бабка яечкі ў чарапіцу ды паставіла на паліцу. Мышка бегла, хвосьцікам махнула, чарапіца ўпала, яечкі пабіліся. Плача дзед, плача бабка, курачка кудахча, вароты скрыпяць, трэскі ляцяць, сарокі трашчаць, гусі крычаць, сабакі брэшуць... А я брахаць ня ўмею, дык і завыў.

Выслухаў мядзьведзь казку і адарваў сабе хвост.

Так з таго часу і жыве з куртатым хвастом.


Кот Максім

 

Жылі дзед і баба. Мелі яны сына і ката. Сына звалі Марцінам, а ката - Максімам.

Памерлі дзед і баба. Застаўся Марцін з катом Максімам.

Марцін гультай быў вялікі, усё на печы ляжаў, а кот яду яму насіў: то птушку дзе зловіць, то каўбасу ці сала ў суседзяў украдзе...

Вось так жылі яны, жылі - згарэла хата, адна гліняная печ засталася.

- Што рабіць будзем? - пытаецца кот у гаспадара. - Трэба хату будаваць.

- Ат, - кажа Марцін, - навошта нам хата? Хопіць і печы.

Пажылі яны з год на печы, а тут і печ развалілася.

- Што рабіць будзем? - зноў пытаецца кот у гаспадара.

- Ты, - кажа Марцін, - як сабе хочаш, а я надумаўся жаніцца: вазьму багатую жонку, яна мне пабудуе хату.

- Хто за такога гультая пойдзе замуж? - сьмяецца кот. - Ты-ж толькі любіш ляжаць на печы, у цябе і выгляд нечалавечы.

- Пойдзе! - кажа Марцін. - Няма чаго сьмяяцца! Сама царэўна пойдзе. Ідзі, Марцін, да цара. Скажы яму - так і так: пан Марцін, па прозьвішчу Глінскі-Папялінскі, сватаецца да тваёй дачкі. Ну і зрабі ўсё, як трэба: нагавары яму, што багацейшага за мяне пана ўва ўсім царстве не знайсьці...

- Цяжкую ты загадаў мне службу, пан Марцін Глінскі-Папялінскі, - кажа кот.

- Нічога, ідзі, а то папругі дастанеш! - пагразіў яму гаспадар.

- Ну што-ж, паспрабую шчасьця.

Нанасіў кот гультаю Марціну яды ў запас, каб той з голаду не памёр, а сам выправіўся ў далёкую дарогу.

Ідзе ён, ідзе, прыходзіць у лес. Бяжыць насустрач заяц.

- Куды, кот, ідзеш? - пытаецца ён.

- Да цара.

- Чаго?

Кот падумаў і кажа:

- На суд...

- На які суд?

- Праўды хачу дайсьці.

- Якой праўды?

- А вось якой. Дзе што котка ўкрадзе або нашкодзіць - усё на ката звальваюць. Кот, кажуць, сьмятану зьлізаў, кот сала ўкраў... А ката там і блізка ня было. Не магу я пярпець такога паклёпу на сябе.

- Пайду хіба і я з табою! - кажа заяц.

- Чаго?

- Таксама на суд. Дзе што зайчыха зробіць - усё на зайца кажуць. Хто ў садзе прышчэпы папсаваў? Заяц! Каго сабакі ганяюць? Зайца! А там зусім і ня заяц быў, а зайчыха. Не магу я такой няславы цярпець. Пайду да цара на суд.

- Дык што-ж ты - адзін пойдзеш? -кажа кот. - Хто табе аднаму на судзе паверыць. Там трэба сьветкі мець.

- А ты чаму адзін ідзеш?

- Ну, у мяне іншая справа. Там у мяне дзядзькі, бацькі, дзяды, браты жывуць. Усе па слову скажуць, мне і павераць. Вось каб ты набраў сотні тры сьветак, тады можна сьмела ісьці.

Як пакоціцца заяц, як наробіць крыку на ўвесь лес:

- Дзядзькі, бацькі, дзяды, браты, бяжыце сюды!

Тут, як бачыш, з усіх бакоў пасыпаліся зайцы.

Назьбягалася іх цэлая чарада.

Прывёў кот Максім зайцоў да царскіх палацаў. Бачыць - на дварэ вялікі хлеў стаіць. Ён і кажа зайцам:

- Пачакайце вы ў гэтым хляве. Скончыцца мой суд, тады я вашу скаргу падам цару.

Зайцы паскакалі ў хлеў, а кот - бразь! - ды і зачыніў іх там на засаўку.

Ідзе ён да царскіх палацаў, падскокваючы, у лапкі плешчучы.

Узыходзіць на ганак, стукае ў дзьверы:

- Адчыніце!

Адчыніў яму салдат-вартавы.

- Чаго трэба? - пытаецца.

- Пакажы, дзе цар жыве.

Салдат паказаў.

Увайшоў кот Максім у вялікі пакой, а там цар сядзіць.

- Добры дзень, ваша вялічаства-вымператарства!

- Добры дзень, каток! - адказвае цар. - Што скажаш?

- Ды вось прыслаў табе мой гаспадар пан Марцін Глінскі-Папялінскі гасьцінчыка.

- Дзе-ж той гасьцінчык?

- У хляве.

Прыйшоў цар у хлеў, паглядзеў, а там поўна зайцоў, як зачыніць.

- Мусіць, дужа багаты твой гаспадар, калі гэтулькі зайцоў прыслаў? - дзівіцца цар. - Мусіць, у яго яшчэ больш ёсьць.

- Ён, панок-царок, такі багаты, што дай ты рады. Усяго ў яго многа, няма толькі гаспадыні ў пакоях. Прыслаў мяне тваю дачку сватаць.

Павёў цар ката ў палацы, накарміў, напаіў, ды яшчэ і на дарогу ў торбу даў. А пра дачку змаўчаў.

Вярнуўся кот Максім дахаты. А яго гаспадар ледзьве дыхае: усе катовы запасы даўно паеў.

Разьвязаў кот торбу, дастаў адтуль усё, што з дарогі засталося, і пачаў карміць гаспадара.

Акрыяў сяк-так пан Глінскі-Папялінскі ды пытаецца ў ката:

- Ну, што табе цар сказаў?

- Нічога цікавага, - кажа кот.

- Дык ідзі яшчэ раз да цара. Толькі нанасі мне больш яды ў запас.

Нанасіў кот яму яды, а сам зноў пайшоў да цара.

Прыходзіць у лес, а тут насустрач яму воўк:

- Куды ідзеш, кот?

- Да цара.

- Чаго?

- На суд.

І расказаў ваўку, на які суд ён ідзе. Воўк кажа:

- Дык і я пайду з табою! Мяне таксама часта дарэмна лаяць.

- Аднаму табе суд не паверыць, - кажа кот.

- А ты чаму адзін ідзеш?

- Што ты параўняўся зы мною. Мяне ўся царская радня ведае, а ад цябе навет сабакі ўцякаюць, калі дзе ўбачаць. У мяне там дзядзькі, бацькі, дзяды, браты...

- Дык што-ж мне рабіць?

Зьбяры сотні тры сьветак, тады павераць.

Падскочыў воўк, аб зямлю стукнуў ды завыў на ўвесь лес:

- Дзядзькі, бацькі, дзяды, браты, бяжыце сюды!

Назьбіралася ваўкоў з усяго лесу.

Павёў іх кот Максім да цара.

Прыходзяць на царскі двор. Нецярплівыя ваўкі кажуць:

- Мы першыя пойдзем на суд.

- Не, - кажа кот, - мая скарга там даўно ляжыць. Як скончыцца мой суд, тады я падам вашу скаргу і вас паклічу. А пакуль што пачакайце ў гэтым хляве.

Ваўкі падагнулі хвасты ды пацягнуліся ў хлеў. Як толькі зайшлі ўсе, кот - бразь! - і зачыніў іх там. А сам падаўся ў палацы, у лапкі плешчучы.

Узыходзіць на ганак: стук, стук! Знаёмы салдат адчыніў яму. Кот проста да царскіх пакояў шыбае. Увайшоў да цара, добры дзень даў.

- Што скажаш, каток? - пытаецца цар.

- Так і так, - кажа кот Максім, - прыслаў табе мой гаспадар пан Марцін Глінскі-Папялінскі новы гасьцінчык.

- Добра, - кажа цар.

Прыйшоў у хлеў, глядзіць, а там ваўкоў лікам-нялічана: і ў загарадках поўна набіта і яшчэ пад страхою, на вышках, процьма.

Загадаў цар ваўкоў пабіць, усім слугам футры пашыць, а кату кажа:

- Перадай пану Глінскаму-Папялінскаму: няхай сам да мяне ў госьці прыедзе.

Прыбег кот дахаты ўночы, задыхаўшыся. Пачаў тармасіць гаспадара. Ледзьве дабудзіўся.

- Уставай, - кажа, - я ад цара прыйшоў.

Раскатурхаўся сяк-так Глінскі-Папялінскі, пытаецца:

- Што цар сказаў?

- Сказаў, каб ты сам да яго ў госьці ехаў.

Пачухаў Глінскі-Папялінскі патыліцу:

- У чым-жа я паеду? Я-ж голы, як бізун.

- Нічога, - кажа кот, - што-небудзь прыдумаем.

Сабраліся яны і бягом пабеглі да цара.

Бягуць, бачаць - недалёка ля гасьцінца цэлае войска салдат сьпіць. Кот спыніў гаспадара.

- Пачакай, - кажа, - тут.

А сам крадкам пайшоў да войска. Назьнімаў у сонных салдат шапак і напакаваў імі два мяхі. Адзін мех на плечы ўськінуў, другі гаспадару даў. І пайшлі сабе далей.

Падыходзяць да рэчкі. Кату піць захацелася. Паставіў ён мех ля мосту, гаспадара за каравульнага пакінуў, а сам палез у рэчку ваду піць. Напіўся вады, бачыць - паўзе рак у нару. Кот схапіў яго за вус і выкінуў на бераг.

Рак пачаў прасіцца:

- Пусьці мяне ў ваду. Можа, я табе таксама якую-небудзь службу саслужу.

Кот падумаў і кажа:

- Якую-ж ты мне можаш саслужыць службу?

- У вадзе, - кажа рак, - любую. Загадай, што хочаш, усё зраблю.

- Падкапай да раніцы маставыя слупы, - загадаў кот.

- Добра, - кажа рак. - Гэта я магу.

Пусьціў кот рака, і той адразу-ж ухапіўся за работу.

- А ты, - кажа кот Марціну, - як толькі абваліцца мост, раськідай шапкі па вадзе і чакай мяне тут.

Сказаў кот гэтак, пераскочыў цераз мост ды пабег да цара ў палацы.

Прыбягае, дакладвае цару:

- Так і так, ваша вялічаства-вымператарства... Ехаў да цябе ў госьці мой гаспадар, пан Глінскі-Папялінскі, ды бяда здарылася: мост зламаўся, уся яго пяхота і коньніца патапілася, адзін ён застаўся голы, бо абмундзіраваньне з вадою сплыло...

Тут цар сеў у карэту, ката з сабою пасадзіў, прыехаў да маста. Глядзіць, і праўда: толькі шапкі ад войска па вадзе плаваюць.

Паспачуваў цар пану Глінскаму-Папялінскаму ды загадаў лепшым сваім краўцом і шаўцом пашыць яму новае абмундзіраваньне.

Як бачыш пашылі краўцы і шаўцы новае абмундзіраваньне. Адзеўся Глінскі-Папялінскі, прыхарашыўся і паехаў з царом у палацы.

Пагаманіў зь ім цар, пачаставаў, а потым і кажа:

- А цяпер хацеў-бы я паглядзець твой маёнтак: калі ты і праўда такі багаты, дык аддам за цябе дачку.

Спужаўся Глінскі-Папялінскі: якое-ж ён багацьце пакажа цару? Увесь яго маёнтак - адна гліняная печ, ды і тая развалілася.

Пачуў пра гэта кот Максім. Паклікаў ён свайго гаспадара ўбок і шэпча яму:

- Ня бойся! Усё добра будзе.

Запраглі царскія канюхі самых лепшых коней у самую лепшую карэту. Сеў цар у карэту і паехаў. А кот наперадзе пабег - дарогу паказваць.

Едзе цар, едзе, пад'яжджае да маёнтку Зьмея Гарынавіча. Кот наперадзе бяжыць. Бачыць: пастухі вялікую чараду кароў пасуць. Падбягае ён да пастухоў.

- Чые вы? - пытаецца.

- Зьмея Гарынавіча.

Кот натапырыў вусы, грозны стаў:

- Не кажыце нікому, што вы пастухі Зьмея Гарынавіча, а кажыце - Марціна Глінскага-Папялінскага. Бо за мною ляціць Гром зь Пяруном - ён заб'е вас.

Сказаў так кот Максім і пабег далей. Сустракае вялікую чараду коней. Падбег да канюхоў і пытаецца:

- Чые вы, канюхі?

- Зьмея Гарынавіча.

- Не кажыце, што вы Зьмея Гарынавіча, а кажыце - пана Глінскага-Папялінскага. Бо за мною ляціць Гром зь Пяруном - ён заб'е вас.

Тым часам царская карэта з громам пад'ехала да пастухоў.

- Чые вы? - пытаецца ў іх цар.

- Пана Марціна Глінскага-Папялінскага, - адказваюць пастухі.

- О, - дзівіцца цар, багаты пан Глінскі-Папялінскі!

Гэтак-жа адказалі і канюхі.

Пакуль цар ехаў, кот прыбег у двор Зьмея Гарынавіча. Убачыў самога Зьмея і крычыць.

- Хавайся, Зьмей Гарынавіч! Едзе Гром зь Пяруном - ён цябе заб'е і на муку сатрэ.

Спужаўся Зьмей Гарынавіч:

- Куды-ж мне схавацца?

Кот паглядзеў і ўбачыў вялікае дуплё ў старой ліпе.

- Лезь хутчэй сюды! - кажа Зьмею.

Залез Зьмей у дуплё, а кот забіў дуплё паленам ды яшчэ і глінаю замазаў. Потым пабег да Зьмеевых слуг.

- Чые вы? - пытаецца.

- Зьмея Гарынавіча.

- Не кажыце нікому, што Зьмея Гарынавіча, а кажыце, што пана Марціна Глінскага-Папялінскага. Бо за мною ляціць Гром зь Пяруном - ён заб'е вас.

- Добра, - кажуць напалоханыя слугі.

Прыехаў цар у маёнтак Зьмея Гарынавіча. Слугі кінуліся сустракаць яго.

- Чый гэта маёнтак? - пытаецца цар.

- Пана Марціна Глінскага-Папялінскага! - у вадзін голас адказалі слугі.

- Ну, што-ж, - кажа цар, - сапраўды багаты пан Глінскі-Папялінскі. Аддам за яго дачку.

Тут цар вярнуўся ў свае палацы, паклікаў музыкаў і загадаў іграць вясельле.

Усяго там было: хто хацеў, тое піў і еў. І я там быў, еў і піў, па барадзе цякло, а ў роце ня было.

 

 

Болей чытайце на электронным рэсурсе:

http://knihi.com/Bielaruskija_narodnyja_kazki/Lisica-chitryca.html.

 

Паважаныя бацькі! Прапануем Вам беларускія сайты, на якіх вы можаце знайсці матэрыял па навучанню  дзяцей беларускай мове.

 

Часцей за ўсе бывае так, дзіця ідзе ў першы клас, а не толькі не ведае беларускай мовы, але, нават, ніколі і не чула яе меладычнасці і чысціні. Бацькі з жахам садзяцца з сынам, або з дачкой рабіць дамашнюю работу па-беларускай мове і адчуваюць, што ахапіць неахопнае адразу не атрымліваецца. Згублены нейкі перыяд часу, калі можна было далучаць дзіця да роднай мовы яшчэ з маленства. Што рабіць? Плаціць грошы рэпетытарам, альбо ёсць іншы варыянт рашэння праблемы? Прапануем маладым бацькам некалькі парад паступовага знаёмства дзяцей дашкольнага ўзросту з роднай мовай.

Па-першае, калі ваша дзіця наведвае дашкольную установу, то вы павінны ведаць, што заняткі праводзяцца на беларускай мове.  Акрамя таго, праводзяцца фальклорныя святы, напрыклад “Калядная зорка”, на якіх дашкольнікаў знаёмяць з культурай беларускага народу, яго мовай, традыцыямі, абрадамі, рамёсламі. На гэтыя святы заўсёды запрашаюцца бацькі. Вось вам і першая ступень адукацыі маленькіх беларусаў.

А далей бацькам трэба развіваць дзіця самастойна ў сям’і. З чаго пачаць? Пачніце з калыханак, чытання кніжак-малютак, прывітання на роднай мове. Затым звярніцеся да збораў ў садок у гульневай форме. “А давай апранацца па-беларуску!” – прапануйце малышу. І называйце яго адзенне: шкарпэткі, насоўка, кішэнька, каўнерык, гузікі, боцікі і г.д. Праз некалькі дзён ваша дзіця без памылак будзе знаходзіць адпаведную рэч, а потым і само назаве яе па-беларуску.

На кухні хай маці пазаве дачушку гатаваць ежу па-беларуску. Назвы садавіны, гародніны, электрапрыбораў дзеці запомняць хутка і з задавальненнем будуць ужываць іх у размове з іншымі людзьмі. Тым часам тата, займаючыся рамонтам кватэры, разам з сынам разбіраюцца, якія патрэбны цвікі, гаечныя ключы, дошкі, шпалеры і іншае.

Ідучы па вуліцы з маленькім грамадзянінам Беларусі, раскажыце яму аб памятніках архітэктуры вашага гораду, назавіце па-беларуску назвы крамаў, транспарту, дрэвы ў парку, хатніх і дзікіх жывёл. Не трэба навязваць малышу размову, калі ён змарыўся, хоча адпачыць або пагуляць. Рухайцеся паступова, але ўпарта і тады, калі ваша дзіця пойдзе у школу, вы ўбачыце, што нездарма бавілі з ім час, далучаючы яго да роднай мовы.

Лічыце, гэта займае шмат часу, ці патрабуе дадатковых ведаў? Не? Тады, не адкладаючы, бярэмся за работу.

Паважаныя бацькі! Дапамажыце нам далучыць дзяцей да роднай, беларускай мовы! Давайце разам падумаем, як захапіць дзіця, каб яму захацелася вывучыць родную мову.

Хтось, магчыма, не вывучаў мову ў школе ці не карыстаецца ёю ў жыцці, пакуль ведае абмежаваную колькасць слоў, але ж хоча узбагаціць слоўнікавы запас і зацікавіць астатніх. Дзесьці ж трэба пачынаць!

Напрыклад, пачніце з прывітання ці развітання па-беларуску. Да ўніверсальных вітанняў належаць: вітаю, прывітанне, добрага здароў′я. Прывітальныя выразы ў дачыненні да часу: добрай (-ае) раніцы,   дабранак, добры дзень (дзянёк), добры вечар (вечарок), добрай ночы (ночкі). Формы развітання: да пабачэння, да сустрэчы, да скорага, шчасліва заставацца, заставайцеся здаровыя, бывайце здаровыя, шчаслівай дарогі або лёгкай дарогі.

  • ВетлівасцьВетлівымі словамі дарослыя і дзеці карыстаюцца амаль штодня. Давайце праверым свае веды і пакажам прыклад ветлівых паводзін дзецям:
  • ДзякуемСардэчна дзякую! Я ўдзячны (удзячна) Вам! Дзякуй за дапамогу! Дзякуй за ўсё!
  • Просім прабачэнняПрабачце, калі ласка! Я прашу прабачэння! Вельмі шкадую, што нарабіў Вам клопату. Не сярдуйце, так атрымалася. Даруйце, мне вельмі непрыемна.
  • РадуемсяВельмі добра! Цудоўна! Выдатна! Вось здорава! Якое шчасце! Вось гэта навіна! Мне вельмі прыемна! Я задаволены (задаволена)! Вы мяне ўзрадавалі! Мне гэта даспадобы! Гэта самая шчаслівая хвіліна ў маім жыцці! Я вельмі рады (рада)!
  • ЖадаемЖадаю шчасця! Каб Вы здаровы былі і радаваліся! Хай Вас Бог беражэ! Хай Вам шчасціць! Хай будуць здаровы Вашы родныя! Расці дужы (дужая) ды вялікі (вялікая)! Хай здзейсняцца ўсе спадзяванні! Бывайце здаровы, жывіце багата! Добрай дарогі! Хай усё будзе добра! Хай Вам лёс не здрадзіць!
  • ІмёныДля бацькоў імя сына ці дачкі — самае пяшчотнае і мілагучнае. Кожнае дзіця любіць, каб да яго звярталіся неяк асабліва. Камусьці падабаюцца памяншальныя ласкавыя формы імя, камусьці — толькі поўныя. Дзецям будзе цікава на некалькі хвілін акунуцца ў мінулае нашай краіны і даведацца, якія імёны існавалі раней.

 

 

Вершы для дзяцей 3-4 гадоў

 

 

“Дожджык” Т. Кляшторная

Дожджык часта сыпаў, ліў,

Па двары ручай паплыў.

Пабягу хутчэй гуляць

І караблікі пускаць.

Парасон я распрастаў –

Дождж адразу перастаў.

Напужаўся, мабыць, ён,

Як убачыў парасон.

“Ветлівыя словы” Т. Кляшторная

“Калі ласка”,”дзякуй”,

“Добры дзень”-

Ветлівыя словы

Чую ад людзей.

Ветлівымі словамі

Буду даражыць,

З ветлівымі словамі

Лёгка жыць.

Вершы для дзяцей 4-5 гадоў

 

 

"Лістапад" Янка Купала

З буйных ліп і бяроз

Лісты валяцца.

Між павалаў і лоз

Рассыпаюцца.

Шапацяць, шалясцяць

Залацістыя,

Ўвысь галінкі глядзяць

Пусталістыя.

А як прыйдзе вясна-

Ўсё адменіцца,

І галінкі ізноў 

Зазяленяцца.

“Восень” (урывак) Янка Журба

Шумяць па-асенняму

Пушча і бор;

На дрэвах, кустах-

Залацісты ўбор.      

На полі калгасным

Вялікі ўраджай.

Ляціць аб ім слава

На ўвесь родны край.

Заможная восень

Прыйшла ў калгас,

Дарамі  багатымі

Радуе нас.

Вярнуцца да пачатку старонкі


ПАЛЬЧЫКАВЫЯ ГУЛЬНІ

Пяком бліны

Па чарзе датыкацца да стала тыльным бокам ручкі і далонькай:

Матуля напячэ блінкоў

Для дачушак ды сынкоў.

Блін смятанай паліваем,

Зверху цукрам пасыпаем,

Лоўка трубачкай згарнем –

І жуем, жуем, жуем!

Пеўнік 

Пеўнік раніцай прачнуўся,

(Далонь угару, указальны палец абапіраецца на вялікі, астатнія расстаўлены ўгару).

І да сонца павярнуўся.

(Пакруціць кісцю рукі ў розныя бакі).

Кукарэкнуў раз, два, тры!

(Разводзіць і зводзіць указальны і вялікі палец).

Ты сягоння не праспі.

Гульня “Замок” 

На дзвярах вісіць замок.

(Дзеці складаюць свае ручкі ў замок).

Хто яго адкрыць бы змог?

(Паднімаюць “замок” угару, паказваюць).

Пакруцілі, пакруцілі

(Не расчапляючы рукі, дзеці круцяць іх спачатку ў адзін бок).

Пакруцілі, пакруцілі

(Круцяць іх у іншы бок).

Пацягнулі

(Дзеці спрабуюць яго “адамкнуць” і цягнуць ручкі ў розныя бакі).

І адамкнулі

(Паднімаюць угару і паказваюць свае вольныя ручкі).

Адпачнём 

Нашы пальчыкі прачнуліся,

Пацягнуліся, пацягнуліся…

Страпянуліся…

(Выконвайце ўсе гэтыя рухі).

Па далоньцы пабеглі,

(Па далоні адной рукі бегаюць пальцы іншай, потым наадварот).

Пабеглі, пабеглі,

Пакланіліся

(Паўтарайце гэтыя рухі).

І стаміліся –

Селі адпачываць.

(Патрасіце пальцамі і апусціце рукі).

Гэты пальчык 

(Сагніце пальцы левай рукі ў кулачок, затым, слухаючы пацешку, па чарзе разгінайце іх, пачынаючы з вялікага пальца).

Гэты пальчык – дзядуля,

Гэты пальчык – бабуля,

Гэты пальчык – матуля,

Гэты пальчык – татачка,

Ну а гэты пальчык – я.

Вось і ўся мая сям’я!

Васьміног 

(Усімі пальчыкамі, апрача двух вялікіх, дзіця імітуе шчупальцы васьмінога).

Восем пальчыкаў для ног –

Атрымаўся васьміног.

Колькі ног у васьмінога?

Многа! Многа!

Размалёўка 

А гусак усё гагоча,

Ускубнуць цябе ён хоча.

Сядзь за партаю ямчэй,

Размалюй яго хутчэй.

Вывучаем родную мову

Адным з галоўных дасягненняў у перыяд дашкольнага дзяцінства з’яўляецца авалоданне роднай мовай. Першыя маўленчыя навыкі дзіця атрымлівае ў сям’і. Грамадскае дашкольнае выхаванне, з’яўляючыся першым звяном агульнай адукацыйнай сістэмы, закладвае асновы моўнай культуры асобы. 

Мова — гэта не толькі сродак сацыяльнага ўзаемадзеяння, намінацыі рэчаіснасці, прылада інтэлектуальнай дзейнасці, рэфлексіі, самавыяўлення, самарэгуляцыі і сацыялізацыі асобы, але і ўвасабленне культурных і гістарычных каштоўнасцей народа.

Мова таксама выступае асноўным механізмам этнагенезу (прыналежнасць пры нараджэнні да якой-небудзь нацыі), дзе за ёй замацоўваецца сігніфікатыўная функцыя, інакш кажучы, мова служыць знакам для нацыянальнай ідэнтыфікацыі. 

Працэс авалодання дзіцём мовай вельмі складаны, што абумоўлівае патрэбу ў педагагічным кіраванні, заснаваным на грунтоўным навуковым псіхолага-педагагічным падыходзе. Унікальнасць і складанасць моўнай сітуацыі, якая характарызуецца функцыянаваннем у рэспубліцы беларуска-рускага блізкароднаснага білінгвізму, патрабуе пэўнай спецыфічнай арганізацыі выхавання і навучання дзяцей дашкольнага ўзросту ў адпаведнасці з неабходнасцю засваення дзвюх моў.

Авалоданне беларускай мовай у дзiцячым садку адбываецца у адпаведнасцi з вучэбнай праграмай дашкольнай адукацыi.


footer